http://optimistik.ru/
Администратор блога:Aleksandr
Количество участников:
Записей в блоге: 19

Петь песни и сочинять стихи
0 0
Вёсачка мая
Таланты
Петь песни и сочинять стихи
На селе живет много самобытных, талантливых людей. Они поют песни, сочиняют стихи, рисуют, вырезают скульптуры, вышивают картины… Всего не перечесть, что умеют сельчане. В этом им, видимо, помогают окружающая природа и сельский уклад жизни.
Со всей уверенностью к таким талантливым людям можно отнести и Галину Корень, проживающую в агрогородке Ботвиновка и работающую в местном хозяйстве ночным сторожем. Она поет на различных мероприятиях от Ботвиновского СДК, сочиняет стихи. Как сказала Галина Николаевна, в художественной самодеятельности участвует уже более двадцати лет. Раньше, когда жила в Кричеве, почти десять лет была солисткой клуба железнодорожников. А затем, когда переехала в Ботвиновку, стала выступать за местный клуб. Галину Корень неоднократно приглашали выступать на слеты передовиков и другие мероприятия, также она участвует во всех мероприятиях, которые проводятся в СДК. Среди них «Масленница», «Купалье»… В этом году выступала и на международном детском фестивале «Золотая пчелка». В репертуаре вокалистки, в основном, народные песни. Есть также песни Пугачевой и Ротару. Кроме песни, Галина Николаевна любит писать стихи на русском и белорусском языках. Одно из своих стихотворений она прочитала при нашей встрече. В нем заложен глубокий смысл, понятный каждому жителю села.
Мая ты вёска, мой куточак родны,
Ты мой цудоўны, дзіўны дзецкі сон,
Ці ў зной, ці ў сцюжу, ці ў віхор халодны
К табе адной іду я на паклон.
Дзе адчувала рукі сваёй маці,
якія часта гладзілі мяне,
Дзе ў першы раз змагла на ногі ўстаць я
І крок ступіць, з якога пайшла ў свет.
Калі няма ў душы святла лучыны,
зусім яе мне некуды падзець,
Іду я да цябе, куточак мілы,
Каб на твае прасторы паглядзець,
Прайсці у думках па тваіх дарогах мілых,
Успомніць тое, што было раней,
Тады ад сэрца адыйдзе трывога
І стане на душы мне весялей.
Калі тваім надыхаюсь паветрам,
Вазьму цяпло з тваіх палёў і ніў,
Тады пайду далей з папутным ветрам,
І зноў адчуўшы сіл сваіх прыліў.
В конце нашего разговора Галина Николаевна сказала: “Пока будут силы и здоровье, я буду выступать на концертах и различных мероприятиях. Буду писать стихи и, может быть, когда-нибудь даже издам сборничек”.
“Вясновы букет”
0 0
Падведены вынікі сёмага рэспубліканскагафестываля-кірмашу “Вясновы букет” які праходзіў у Мінску. У ім прымалі ўдзел больш за 400 майстроў з усёй краіны у розных накірунках мастацтва. Сярод удзельнікаў гэтага прадстаўнічага форуму былі і нашы землякі Вячаслаў Якавенка, Наталля Бярнадская, Сяргей Масіха і Уладзімір Ярачэнка. Кожны з іх ужо неаднаразова ўдзельнічаў і ў гэтым фестывалі, і падобных конкурсах, займаючы пры гэтым прызавыя месцы. Як расказаў удзельнік фестывалю –кірмашу Сяргей Масіха, і на гэты раз крычаўцы не засталіся без узнагарод. Наталля Бярнадская была адзначана дыпломам за трэцяе месца ў намінацыі “Вацінанка”. Сяргей Масіха ўзнагароджаны дыпломам за другое месца за вырабленыя да фестывалі гліняныя цацкі. Таксама дыпломам за трэцяе месца ў гэтай намінацыі адзначаны Вячаслаў Якавенка.
Цішыня пахла смерцю
0 0
Цішыня пахла смерцю
(Апавяданне)
Спроба ліквідаваць “актывіста” закончылася беспаспяхова. Трое пасланых з гэтай мэтай партызан досвіткам на падыходзе да вёскі наскочылі на варту, усчалася страляніна, і разбуджаныя паліцаі, бачачы нешматлікую колькасць мсціўцаў, вырашылі іх знішчыць. І вось цяпер партызаны, акружаныя з трох бакоў, адстрэльваліся на Змітраковай выспе. З чацвёртага боку ўсутыч падступала багністае балота, над якім толькі ляталі птушкі і хмараю весяліліся камары.
“Актывіста” звалі Нічыпарам. Гэта быў худы і трошкі кульгавы мужчына з дробным барадаўчатым тварам і нібы спалоханымі, мітуслівымі вачамі. Некалі жыў ён на ўскраіне вёскі, у спарахнелай і густа абымшэлай ад дажджавой сырасці хаціне з адным мутным акенцам. Хадзіў заўсёды ў залапленай, з чужога пляча вопратцы і босы аж да самых маразоў. Удваіх з жонкай (дзяцей сваіх не мелі) вясну, лета і восень завіхаліся на чужых сядзібах за чарку гарэлкі і місу затоўчанага супу, а ўласныя грады аддалі пад уладу лебяды, палыну, крапівы.
Не пабагацеў Нічыпар і пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі. На выдзеленым яму кавалку панскай зямлі гусцілася розная палявая дзіч, ад якой нават коні грэбліва адварочваліся і незадаволена чмыхалі. Сонейка ўдачы пяшчотна заглянула ў яго мурзатае акенца ў час калектывізацыі. Нічыпар першы ўступіў у калгас, урачыста аддаў лапік задзірванелай зямлі і паедзены іржой плуг з пакарэжаным лемяшом. І стаў агітаваць вяскоўцаў за стварэнне калгаса. Вось і празвалі яго тады “актывістам”. Ён беспамылкова адшукваў схаванае людзьмі зерне, бароны, плугі, забіраў з хлявоў коней, кароў. Менавіта дзякуючы яго падказцы, чатыры сям’і саслалі ў Сібір, а сам Нічыпар засяліўся ў прасторную і рупна дагледжаную хату адпраўленага да таёжных мядзведзяў селяніна. Гады са тры ён нават узначальваў арганізаваны калгас, потым працаваў намеснікам старшыні аж да самога пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Распаўнеў, стаў ганарлівы і нахабны, апрача начальства, ні з кім не вітаўся за руку.
Калі ў райцэнтры з’явілася нямецкая камендатура, Нічыпар адзін з першых адчыніў яе дзверы і выйшаў адтуль старастам вёскі. Былы нястомны змагар з “ворагамі” савецкай улады надта шчыра ўзяўся вышукваць і вынішчаць незадаволеных акупацыйным парадкам. Паводле складзенага ім спісу, былі расстраляныя сем’і камуністаў не толькі ў сваёй, але і ў бліжэйшых вёсках, павешаныя чацвёра юнакоў, нібы спачуваючых партызанам. Цяпер “актывіст” камандаваў атрадам паліцаяў-карнікаў.
Спроба яго ліквідаваць ганебна сарвалася…
Партызаны прыцэльным агнём вымушалі адкочвацца паліцэйскіх пад ахову таўшчэзных бяроз і асін.
- Наступнай атакі нам ужо не адбіць, - паныла сказаў Ігар, малады хлопец, і цяжка ўздыхнуў. – Патроны заканчваюцца.
Самы старэйшы ў групе, Рыгор, задумліва шкроб пальцамі прыбеленыя сівізной валасы і ўпарта маўчаў. Потым падаў каманду:
- Скоранька рухаемся, хлопцы, да балота.
Пусціўшы некалькі чэргаў з аўтаматаў у бок залеглага ворага, партызаны таропка папаўзлі па хмызах на той бок выспы. Балота дыхала смуродлівай парай і поўнілася кумканнем жабак. Ад берага асаковую дрыгву, густа зарослую цёмным лазняком, крушыннікам і вольхай, аддзяляла ладная палоска чорнай вады, тоўста заскарыненай жабурыннем.
- Плаваць умееце? – спытаў Рыгор у хлапцоў.
Тыя сцвярджальна кіўнулі галовамі. Прайшоўшы трохі ніжэй, ён сукаватай хвойкай разварушыў цвілае жабурынне, зняў з галавы і кінуў у ваду шапку. Прайшоўшы наперад, партызаны спыніліся ля лаўжа ўсохлага ламачча.
- Хаваем тут зброю, - сказаў Рыгор і зняў з плячэй аўтамат. – А цяпер нам неабходна пад вадою перабрацца вунь у той лазняковы гушчар. Галоўнае, не парушыць жабурынне.
Ён акуратна нырнуў, і хлопцы не ўбачылі, як Рыгор вынырнуў у зарасніку, а толькі здагадаліся па плёску вады. Тое ж самае зрабілі і яны, прадзерліся цераз грыўку кусцістага вербалозу і стаіліся ў запоўненай вадой яміне, пад шатамі тоўстага і ніцага кустоўя.
Без аніякай боязі паліцаі падыйшлі да балота і стоўпіліся там, дзе было разварушана жабурынне і мокла сіратліва ў вадзе шапка. Абстралялі кустоўе і кінулі туды некалькі гранат. Нейкі час пацягаліся па беразе, а потым радасна пасігалі назад. Партызаны чулі, як нехта сказаў:
- Патапіліся. Што ж, сабакам сабачая смерць!
Мокрыя і азяблыя, пакінулі партызаны сваё сховішча. Спаласнулі ў вадзе аблепленае раскай і балотнай тванью адзенне, павесілі яго сушыцца, а самі расцягнуліся ў траве, на сонечным угрэве. Твары іх былі вясёлыя.
- Выратавалі вы нас ад смерці, Рыгор Іванавіч, - расчулена сказаў Ігар. – Я ўжо лічыў сябе на тым свеце. Ох, як не хочацца паміраць! З вачэй ажно слёзы цяклі…
- І я ўжо развітаўся з бярозкамі, небам і сонцам. Нават папрасіў у маці дараваць мае колішнія недарэчныя ўчынкі. І вось – цішыня, трава, кветкі, хараство! Цудоўная рэч – жыццё! – усклікнуў Іван.
Рыгор, з усмешкай на хударлявым абветраным твары, слухаў хлопцаў і маўчаў.
Потым партызаны апрануліся і, ускінуўшы на плечы аўтаматы, асцярожна пакрочылі душным рэдкалессем. Сонечная шчодрасць увагнала іх у пот. Партызаны спусціліся ў поўную згаладнелых камароў лагчыну і паглыбіліся ў хваёвы непралазны гушчарнік, а потым выбіліся на спрэс утравелую дарогу. Прасігаўшы па ёй нейкі час, яны спыніліся, адчуўшы пах смалістага дыму.
- Вось што, хлопцы, - прапанаваў Рыгор Іванавіч. – Наперадзе вёска Галоўчын. Ты, Іван, добра яе ведаеш. Сходзіш да Пракопа Беразняка і папросіш чаго-небудзь перакусіць. Надта ўжо есці захацелася, аж ногі млеюць.
Вузкаплечы, але рослы Іван падаўся па травяністай дарозе, а Рыгор з Ігарам схаваліся за ядлоўцавым кустом. Спякота трохі памякчэла, з’явіўся ціхі ветрык. Неўзабаве прыбег з устрывожаным тварам Іван.
- Да Пракопа нельга дабрацца, - усхвалявана загаварыў ён. – Паліцаі п’юць у суседавым садку. З імі і “актывіст”…
Рыгор таропка падняўся з травы:
- Многа іх там п’е?
- Чалавек з дзесяць. Зброя вісіць на яблынях.
- Нельга, хлопцы, упусціць такую магчымасць. Патронаў у нас малавата. Але ёсць тры гранаты. Пайшлі!
Вёска шарэла саламянымі стрэхамі хат на ўзгорку і поўнілася злосным брэхам сабак. Ядлаўцовым узлескам партызаны прашыліся якраз да яе сярэдзіны, дзе ўзвышалася ліпа са зламанай верхавінай і гняздом бусла. Ля яе стаяла хата Пракопа.
Перадыхнулі трохі ў напараным сонцам кустоўі і, акінуўшы адзін аднаго сумнымі і трывожнымі позіркамі, папаўзлі па гарачай някошанай траве. Палоска рослага, каласістага, з водарам свежага хлеба жыта вывела іх на соткі цвітучай бульбы. Адсюль недалёка цямнеў сад, з якога чулася бязладная песня пра разінскія чаўны і княжну-красуню. Захлёбіста рыпеў гармонік.
Бульбянымі разорамі партызаны падпаўзлі да закуранай лазні і стаіліся. У нейкіх пяці кроках ад іх сядзелі за збітым з дошак сталом паліцаі, п’яныя, потныя і ўсчырванелыя. “Актывіст”, узняўшыся, дзіка размахваў рукамі і хрыпла спяваў. Рыгор разануў чаргой з аўтамата па “актывісту” і шпурнуў у бок застолля дзве гранаты…
Заданне партызанскага камандавання было выканана.
Але раптоўна аднекуль наскочылі паліцаі, усчалася страляніна.
- А ну, хлопцы, паўзком, хутчэй падавайцеся да лесу, - сурова выкрыкнуў чамусьці пабляднелы Рыгор, - а я іх затрымаю.
- Будзем разам адбівацца, - дружна запярэчылі хлопцы. – Аднаго вас не кінем!
- Не марудзьце! – Рыгор аж вылаяўся і гнеўна бліснуў вачамі. – Зараз жа паўзіце да леса. Няма сэнсу гінуць тут утраіх…
Хлопцы ўдала дабраліся да выратавальнага гушчарніка, хоць спацелі і выпэцкаліся. Страляніна працягвалася, чуліся выбухі гранат. А потым усталявалася цішыня, і засмучоныя Ігар з Іванам скамянелі і знялі з галоў шапкі, бо цішыня пахла смерцю.
К. Віктараў.
К вершинам мастерства
0 0
Чистые голоса «Песняров» неслись под сводами огромного зала в г. Усть-Каменогорске. Чудные, не похожие ни на какие другие, они уводили слушателей то в зеленые поля и пущи Беларуси, то на пепелище Хатыни. Скорбная, набожная мелодия сменялась шуточной народной песней. Михаил Марченко сидел не шелохнувшись. Но вот грянул гром аплодисментов, и в нем утонули последние звуки мелодии.
Михаил Аверьянович возвращался домой вечерними улицами города. С песнями «Песняров» вернулись к нему опаленная огнем Могилевщина, его детство и юность.
Родился он 15 мая 1934 года в поселке Просвет Глинского сельсовета Чериковского района. Закончил пять классов Глинской средней школы и в 1950 году поступил в Кричевское ФЗО. Учили их по сокращенному курсу. За десять месяцев они должны были стать квалифицированными плотниками. Не просто было добиться этого. Не хватало даже простых пособий, ребята ходили кто в чем, полуголодными. Но они учились. Увлеченно занимался и Михаил.
Незаметно пришла пора выпускных экзаменов. Отвечал Марченко без подготовки, четко и ясно. Когда он закончил, члены комиссии удовлетворенно переглянулись и … посыпались дополнительные вопросы. Ответил он на все. Отлично справился Михаил и с практическим заданием. Из восьмидесяти человек он единственный получил пятый разряд.
Группу плотников, в которой был Марченко направили работать в Минск. Разрушенная в годы войны столица отстраивалась заново, и там, как нигде, нужны были молодые, сильные руки. Ребята попали на строительство труборадиаторного завода. Михаила Марченко назначают бригадиром. Так в неполные семнадцать лет он возглавил бригаду сверстников. Они строили жилье для завода, работами весело, с задором.
В 1953 году Михаила призывают в Советскую Армию. Служил он в авиадесантных войсках в г. Никополе Днепропетровской области, был командиром отделения. Годы службы не прошли даром. Он возмужал, окреп, появились новые товарищи. Некоторые из них по комсомольским путевкам уехали в Казахстан на строительство титано-магниевого комбината. Писали оттуда Михаилу восторженные письма о большой стройке, о городе, его будущем, приглашали к себе. И Марченко решился. Уволившись в запас, он взял билет на Усть-Каменогорск. Стройка ему понравилась. Территория будущего комбината раскинулась на огромной площадке у подножия холмов. И сам Усть-Каменогорск пришелся Михаилу по душе.
В отделе кадров управления «Заводстрой» треста «Алтайсвинецстрой» Михаил попросил, чтобы его послали в хороший коллектив. Но проработав несколько дней в бригаде, Михаил понял, что его новые товарищи далеко не стахановцы. Его назначают бригадиром. На собрании, которое вскоре состоялось в бригаде, Марченко заявил, что кто не хочет добросовестно работать, соблюдать дисциплину – может идти искать другое место. Так и случилось, постепенно в бригаду влились молодые кадры. Вскоре бригада по своему мастерству выровнялась с передовыми коллективами Всесоюзной комсомольской стройки.
Бригаду Марченко увеличили еще на тридцать человек. Все они были молодыми. Михаил не жалея сил и времени, учил их строительному мастерству. Когда новички начали работать самостоятельно, их выделили в отдельную бригаду. Возглавил ее Марченко.
Комсомольско-молодежная бригада, которой руководил Михаил, быстро вышла в передовые.
Радостным для всей бригады был день, когда ребята узнали, что им первым в тресте присвоено звание коллектива коммунистического труда.
Надвигался пуск первой очереди «титана», так строители называли свое детище. Марченко и его товарищей посылали на самые трудные участки, и всюду они справлялись с порученным заданием. Нелегко давались победы. Приходилось работать с полным напряжением сил. Но бригадир всегда был впереди, своим энтузиазмом он заражал других, и невозможное становилось возможным.
Труд Марченко оценили по заслугам. Михаил Аверьянович в 1961 году был награжден медалью «За трудовую доблесть», в 1965 году – орденом Ленина, в 1970 году – орденом Ленина и золотой медалью «Герой Социалистического Труда».
Он на всю жизнь заполнил Всесоюзный слет руководителей бригад коммунистического труда в Москве и Семена Михайловича Буденного. В присутствии лучших строителей страны легендарный командарм вручил Марченко высокую награду Родины.
Жизнь в бригаде шла деятельная, наполненная. Где затевалось большое строительство ее тотчас направляли туда. Расширение мощностей свинцо-цинкового комбината, строительство второй очереди цементного завода, объектов Иртышского полиметаллического комбината, завода приборов, комбината шелковых тканей. И на каждом из объектов Марченко и его товарищи делали шаг вперед к вершинам мастерства.
Михаил Аверьянович не только самоотверженно трудился, но и вел большую общественную работу. Он избирался делегатом 23 съезда КПСС, 17 съезд КП Казахстана, 14 съезда комсомола Казахстана, 10 съезд профсоюзов Казахстана, Международной 4-й конференции солидарности стран Азии и Африки и избран членом комитета этой конференции, депутатом Верховного Совета Казахской ССР.
Наталья МОРОЗОВА.
Ля ветранога млына
0 0
Навела
Нервовае ўзбуджанне не давала лейтэнанту Пятру Закарэўскаму ні хвіліны супакою. У які ўжо раз ён даставаў і разглядаў купленыя бацькам і меншаму брату падарункі, ашчадна і прыдзірліва праціраў насоўкай і без таго бездакорна чысты пахучы чамадан, выходзіў на ганак і незадаволена глядзеў на паніжэлае сонца. Яно, здавалася яму, надта марудна кіруецца да месца свайго начнога спачыну – гонкага смольнага сасняку.
З заўтрашняга дня ў яго пачынаецца водпуск. Заўтра ён адсвяткуе свой дваццаць пяты дзень нараджэння з сябрамі, а вечарам поезд павязе ў мілыя сэрцу родныя мясціны. Там яны згуляюць вяселле з былой аднакласніцай Верай, якая скончыла Мінскі педінстытут і шле яму поўныя душэўнай тугі лісты. Лейтэнант раз-пораз дастае з нагруднай кішэні фотаздымак і з пяшчотай любуецца прыгожым усмешлівым тварам сваёй сяброўкі. Ён дома ўдосталь накупаецца ў сонных хвалях мройнай азярыны, нацешыцца прохаладдзю бярозавага гаю, усмак наесца цёплай сопкай бульбы з хрумсткім маласольным агурком, нап’ецца сырадою і прывязе сюды потым Веру. Хопіць жыць у маркотнай адзіноце.
Урэшце бяспромнае сонца ацяжэла апусцілася за жоўты сасняк, але ў паветры яшчэ трымалася віднота, поўная звязглівага камарынага піску і незласлівага ветранога пошуму. Закарэўскі курыў на ганку. Бачылася лейтэнанту абсаджаная ліпамі вёска, расчуленыя твары маці і бацькі, стаяў перад вачыма твар каханкі. Яму хацелася ўсхапіцца і пяшком пашыбаваць дамоў, не гледзячы на блізкую цемру і далёкую адлегласць.
Па зямлі бясшумна расцякліся прыцемкі. Неба густа абсеялася іскрыстымі зорамі. Раптоўна недзе ў блізкай вёсцы завыў сабака, жудасна, засмучана. Яго падтрымалі яшчэ некалькі сабачых галасоў - так адчайна, гнятліва і ўстрывожана людзі плачуць па нябожчыку. Ад тужлівага сабачага галашэння прыціхла і як бы насцярожылася наваколле, а выйшаўшая на ганак гаспадыня дома анерухомела, перахрысцілася і з пасуравелым тварам падалася ў хату. Ніякай увагі не звярнуў Закарэўскі на ўстрывожаныя сабачыя галасы. Ён пасядзеў нейкі час на ганку, спаласнуў твар калодзежнай вадой і ўзнёсла пакіраваў да сябе ў пакойчык. Пякуча і да сляпучасці зырка ўзгарэлася на захадзе вечаровая зара, набракла такой свежай барвовасцю, быццам неба было выпаскана густой крывёй.
Разбудзіў лейтэнанта моцны грукат. Выскачыўшы на ганак, ён убачыў, што Брэст ахоплены языкамі полымя, там прастуджана сакаталі гарматныя выбухі, злавесна гулі самалёты, і чулася аўтаматная страляніна. Паспешліва адзеўшыся, Закарэўскі кінуўся ў бок сваёй вайсковай часці…
Узвод лейтэнанта Закарэўскага акапаўся на жвірыстым, добра ўтравелым узгорку, на самым версе якога паныла маркоціўся збуцвелы ветраны млын. За ім цьмяна шарэла саламянымі стрэхамі хат вёска, купчасціліся вербы, бярозы і таполі. Дробныя, але густыя кусты лазняку, ядлоўцу, ніцага вербалозу няблага хавалі байцоў ад варожага вока. Ля падножжа ўзгорка бегла ў невядомую далячынь шырокая дарога, цяпер бязлюдная і асірацелая.
Узышло сонца, нейкае няпэўнае ў дымнай смузе і як бы нечым напалоханае, і ад яго промняў нават не іскрылася раса на траве. У Брэсце грымела кананада. Чужыя самалёты бамбілі горад, і яго амаль што не было бачна з-за пылу і дыму, ад якога нават тут у байцоў пяршыла ў горле.
Закарэўскі яшчэ раз абышоў пазіцыі байцоў, уважна агледзеў акопы, а потым, улегшыся ля калючага ядлоўцавага куста, стаў углядацца ўдалячынь. Па дарозе ляніва поўз смуродлівы пыл, гультаявата блытаўся ў рамонках, крапіўных парастках, сцяблінах палыну. Над галовамі зверавата раўлі, кіруючыся на ўсход, азначаныя крыжамі самалёты. На нейкі час усталявалася над пагоркам нядобрая злавесная цішыня.
І раптам угледзеў лейтэнант на дарозе калону аўтамашын, у кузаве якіх шчыльна ціснуліся адзін да аднаго аўтаматчыкі ў незнаёмай вайсковай форме. Аўтамашыны кіравалі сюды, узнімаючы хмары пылу.
- Падрыхтавацца да бою! - падаў каманду Закарэўскі і ўзяў у рукі аўтамат. Твар яго сцямнеў, вочы жорстка напружыліся. Не давядзецца сёння кульнуць чарку з сябрамі ў дзень нараджэння і невядома яшчэ, калі пабачыць бацькоў, Веру, родную вёску прыдзецца. Згуляў вяселле, называецца, ці не з сырой зямлёй, пэўна, давядзецца ажаніцца.
Варожыя аўтамашыны набліжаліся, і ўжо выразна бачна сталі насцярожаныя твары чужынцаў. І тут па іх густа секануў з кусцістага пагорка аўтаматна-кулямётны лівень. Адзін грузавік споўз у лагчыну і перавярнуўся, другі – густа задыміў, і ўсе аўтамашыны спыніліся. Салдаты з іх саскочылі і пазаляглі. Над галовамі байцоў засвісталі кулі, пакрушылі ядловец і дробны вербалоз.
Ачамаўшыся ад неспадзяванага сполаху, чужынцы кінуліся ў атаку. Іх сустрэў шквал аўтаматна-кулямётнай страляніны. Ён быў моцны і прыцэльны, і зямля ўраз зацямнела нерухомымі людскімі постацямі. Ворагу нічога не заставалася рабіць, як адкаціцца за росную лагчыну і схавацца ў траве. Зноў цішыня павісла над пагоркам, чуйная сырая цішыня, прапахлая порахавым смуродам.
Закарэўскі абышоў пазіцыі воінаў. Страт не было, твары ў байцоў былі вясёлыя, узбуджаныя.
- Добра мы іх пачаставалі, - радасна ўсміхаліся салдаты. – Процьму трупаў налажылі.
- Неўзабаве яны зноў узнімуцца ў атаку, - папярэдзіў лейтэнант. – Так што рыхтуйцеся.
Але цішыня працяглы тэрмін гаспадарыла над пагоркам. Немцы мірна вылежваліся ў угрэтай сонцам траве, быццам яны скрозь зямлю праваліліся. Такая акалічнасць стала непакоіць Закарэўскага. Бяздзейнічаць вораг не будзе, нешта яны задумалі, але цяжка здагадацца што. Лейтэнанта стала трывожыць уладарная цішыня, і калоў вочы пякучы сонечны бляск.
Намеры гітлераўцаў сталі зразумелы праз нейкі час. Па пагорку ўдарыла нямецкая артылерыя. Чужынцы чакалі сваіх гармат, каб пасля іх абстрэлу зноў кінуцца на пагорак. Артабстрэл цягнуўся доўгі час. Снарады ўзрываліся ля самых акопаў, лейтэнант падумаў, што добрым арыенцірам варожым артылерыстам служыць ветраны млын, які ўжо ўсхапіўся варухлівым полымем.
Адначасова са снарадамі кусціста ўзнімалі ўгору зямлю міны. У акопах з’явіліся забітыя і параненыя байцы. Артабстрэл спыніўся, і ўзбадзераныя ім гітлераўцы зноў кінуліся ў атаку. Зноў трапны аўтаматна-кулямётны агонь паклаў іх на зямлю. Значна пабольшала на траве нерухомых варожых постацей. Немцы адпаўзлі за лагчыну і сцішыліся. Раз’ярона забухалі гарматы, і віскліва завылі ў паветры міны. Цяпер ужо вораг як бы ўдвоіў абстрэл пагорка. Снарады ірвалі зямлю, неба заслаў парахавы дым. Выбухам быў забіты кулямётчык і пашкоджаны кулямёт. А калі немцы зноў хлынулі да пагорка, раптоўна змоўк другі кулямёт. Закарэўскі ўскочыў у акоп, выцягнуў адтуль абмяклае цела салдата і сам прыпаў да кулямёта.
Чарговую атаку гітлераўцаў зноў удалося адбіць. З немачнай роспачу лейтэнант не пачуў больш аўтаматных стрэлаў, нязмоўчна сакатаў толькі яго перагрэты кулямёт. Калі гітлераўцы схаваліся за лагчынай, ён абышоў акопы сваіх байцоў. З узвода жывым застаўся толькі адзін камандзір. Ды і той быў паранены куляй у плячо, з намоклай гімнасцёркі бруілася кроў. Перавязаць рану Закарэўскі не змог: аднаму нязручна. Ён сабраў ля акопаў нескарыстаныя гранаты, звязаў іх знойдзеным у кішэні шнурком ад чаравіка і зморана прысеў ля астываючага кулямёта. Лейтэнант зразумеў, што не давядзецца яму пабачыць родныя мясціны, Веру, бацьку і маці. Вось ён, першы дзень водпуска. Бязмежная туга і крыўда агарнулі сэрца. Нудзіцца не было часу. Да пагорка пылілі варожыя танкі, пастрэльваючы з гармат. Закарэўскі ўціснуўся ў акоп, працёр далонню завільгатнелыя вочы, узяў у руку звязку гранат - акурат на яго насоўвалася смуродлівае страшылішча. Ён прычакаў, калі яно наблізіцца, узняўся, трывожна глянуў на безуважнае неба і спрактыкаваным кідком адправіў сябе пад скрыгатлівыя гусеніцы, адчуваючы ў вачах гарачую вільгаць слёз. Выбуха гранат ён, вядома, не пачуў…
В. Куліненка.
У адзіноце
0 0
Эцюд
Калі Алена Вайцішок вучылася ў старшых класах сярэдняй школы, аднакласнікі абміналі яе сваёй увагай, ды і з клуба ніхто ніколі не праводзіў дамоў. Дзяўчыну гэта вельмі трывожыла. Як не са слязьмі часта разглядала яна свой прадаўгаваты кірпаносы твар, шэрыя посныя вочы, бясколерныя танклявыя губы і незадаволена моршчылася. Не данесла да яе прырода прыгажосці, відаць, па дарозе безразважна раздарыла іншым. Вось зараз і тужліва кукуй на лавачцы адзінокай зязюляй, а сяброўкі недзе закахана шэпчуцца, абдымаюцца і цалуюцца.
Расчараваная і пакрыўджаная на хлопцаў паехала Алена ў Брэст да дзядзькі пасля заканчэння школы. У вёску з’явілася толькі праз год і ўскружыліся ля яе, як мухі ля кроплі мёда, у клубе хлопцы, усчыналі бойку між сабой: каму праводзіць дамоў. Нельга сказаць, што за гэты час дзяўчына папрыгажэла з твару, але пышнотна расцвіло, узялося вабнай ядранасцю яе цела. Буйна крамянелі грудзі, а тонкі стан, спакусліва шырокія, як бы лянівыя, клубы, і поўныя стройныя ногі безутрымна прыкоўвалі прагныя хлопчыя позіркі.
Аб гэтым няблага ведала Алена. Гэта не была колішняя сарамлівая дзяўчына з прыжураным нішчымным тварам і баязлівымі вачамі, што зайдросна глядзела на танцы з паўзмрочнага закутка клубнага памяшкання. Цяпер яна мела ганарысты, пыхлівы выгляд і з нейкай грэблівасцю сцюдзёна глядзела на вясковых кавалераў, не падпускаючы нікога да сябе. А дамоў з клуба пайшла са студэнтам, сынам старшыні мясцовага калгаса.
“Ох і жыццё, - нявесела ўздыхаў назаўтра адзін яе аднакласнік. – Былая гаротная варона зрабілася арліцай”. У голасе яго не было здзеклівай насмешкі, чулася зайздрасць да ўдачлівага студэнта, які тады, пасля танцаў, вёў яе вуліцай, абняўшы рукой за гнуткі стан.
З гадамі Алена не брыдчэла, твар яе быў будзённы і някідкі, ад такога звычайна мужчыны імгненна адводзяць позіркі, але вось цела яшчэ больш вабна расквітнела, набыло пяшчотную зграбнасць і прыцягальную сілу. Гарачыя мужчынскія позіркі апякалі яе, іх яна адчувала спінай, бо большасць з іх неадрыўна і трывожна глядзела ей услед.
Замуж Алена выйшла за начальніка цэха аднаго з буйных прадпрыемстваў горада. Сімпатычны, разважлівы, але трохі гарачы мужчына. Ён халасцяком ужо меў аднапакаёвую кватэру і неблагую ў ёй мэблю. Дужа раўнівы быў муж у першыя гады сямейнага жыцця,
хоць спачатку ніякіх падстаў для рэўнасці не было. Гады са два пасля замужжа Алена цуралася мужчын і нават ад самых спакуслівых прапаноў сярдзіта адмахвалася як ад назойлівага авадня. А тыя не пакідалі ў спакоі, проста шалелі ад яе прысутнасці і бязбожна засыпалі ўсялякімі абяцаннямі, і пры гэтым у іх звярэлі вочы і потна чырванелі твары.
Вытрымкі хапіла ненадоўга. Спачатку Алена пагульвала з тымі, хто меў уласныя ці службовыя аўтамашыны, дачы і, вядома, грошы ў кішэні. Зачастую дамоў прыходзілі позна з ірдзеўшымі на шыі плямамі ад пацалункаў і на добрым падпітку. Нешта неверагоднае зрабілася з мужам. Невядома куды раптоўна збегла яго былая вострая рэўнасць і наогул ён перастаў на яе звяртаць увагу. Як бы аледзянеў, і такая яго безуважлівасць яшчэ больш няўмольна штурхала Алену ў абдымкі мужчын.
Аднойчы яна балявала ў рэстаране з ніштаватым вайсковым начальнікам. Ад узбуджання той аж пабляднеў, дрыжэў у час танца, прыціскаў да сябе і раз за разам уз’юшана цалаваў. Салодкая млявасць расплылася і па целу Алены, і яна, бязвольна разамлелая, патрабавальна цмокала палкоўніка ў губы. І раптам убачыла мужа. Сядзеў той за столікам і глядзеў на яе. У яго позірку не было ні крыўды, ні злосці, не адчувалася і абурэнне, здавалася, ён глядзеў на жонку і яе не бачыў, думаў пра нешта сваё. Маланкай шуснула Алена з абдымкаў вайскоўца на вуліцу і латаўкай паляцела да сваёй сяброўкі. Не могучы нічога зразумець, збянтэжаны палкоўнік каменным слупам замер з недаўменна разяўленым ротам на адным месцы і застаўся там ледзянець, калі скончыўся танец.
Пераначавала Алена ў сяброўкі. Тры дні не паказвалася дадому. Працавала яна сакратаркай у начальніка будаўнічага ўпраўлення і ўвесь час чакала званка ад мужа або з’яўлення яго самога. Надзея аказалася марнай. На чацвёрты дзень Алена з сяброўкай рашыла паказацца дома. У кватэры, здаецца, усё было на месцы і ў той жа час быццам нечага не хапала. Агледзеўшыся, яна зразумела, што адсутнічае мужава адзенне, абутак і некаторыя іншыя ўласныя рэчы. На стале ляжала запіска “Цалуйся лепш тут, чым у рэстаране”. Мужа яна ўбачыла праз год, калі той з Сібіры прыехаў скасоўваць шлюб. Ён такім грэбліва–нянавісным позіркам працяў былую жонку, што ў той амярцвеў язык.
Гады ішлі, яны былі яе ворагамі, бо старылі няўмольна твар, адбіралі ў постаці салодкую вабнасць. “Мала карысці, - зразумела Алена, - звязвацца з жанатымі мужчынамі. Пабудзе той, пакруціцца ў пакоі і рашуча рынецца пад жончына крыло, толькі пах ад яго застанецца ў кватэры. А ты ад скрухі хоць сцены грызі”. І пачала яна асцярожна вышукваць застарэлых халасцякоў або развядзёных. Інакш сапсееш у горкай адзіноце.
Неяк у прыёмную дырэктара зайшоў прараб з іхняга ўпраўлення. Малады і з выгляду даволі сціплы хлопец, пэўна, ураджэнец вёскі. Як бы забыўшыся чаго прыйшоў, хлопец закамянелай зачараванасцю стаў сачыць за сакратаркай, што рухалася ад стала да шуфляды. Задумлівым ён пакінуў кабінет. І з таго часу зачасціў у прыёмную начальніка. Прыносіў сакратарцы кветкі, цукеркі і ненасытна еў яе спякотнымі вачамі. На дзевятнаццаць гадоў прараб быў маладзейшы за Алену, але яна, разагрэтая настойлівым пачуццём маладога хлопца, не звярнула на гэта ўвагі і неўзабаве яны пажаніліся. Ісці рэгістраваць шлюб Алена адмовілася: сорамна было ўзаконьваць мужа, які мог лічыцца па ўзросту яе сынам, навошта чырванець перад людзьмі і няёмка міргаць вачамі.
З тых пор мінула пятнаццаць гадоў. Цішыню зараз Аленінай кватэры парушае ядавіты звон камара. Ён, відаць, таксама скардзіцца на адзіноту, бо дужа маркотны і злы ў яго голас. Пасівелая і распаўнелая Алена з сумным маршчыністым тварам журыцца ля акна. Разглядае былую сваю пекнату на фотаздымках, уздыхае і трэ пальцам заслязелыя вочы. Забраў свае рэчы і знік муж, нетрывалым аказалася яго каханне. Трэці раз замуж ёй не выйсці. Раней адпушчанага богам тэрміну загоніць на той свет журба. “Чаму так няўдала склалася жыццё, - думае Алёна, - без мужа, дзяцей і ўнукаў прыходзіцца гнісці пад старасць, як трэсцы у дрыгве?”
І сапраўды, хто ў гэтым вінаваты?
В. Куліненка.
Мурашы
0 0
Эцюд
Блукаючы па лесе ў пошуках каласавікоў інжынер Сяргей Ладуцька натрапіў на мурашыную хату і прытомлена прысеў ля яе на збуцвелы пяньчук. Нельга было не залюбавацца дбайна і рупна наношанай вялізнай кучай высахлай ігліцы, архітэктурна складзенай з зайдрасным умельствам і бездакорным майстэрствам.
Хоць і дзень хіліўся к вечару, але мурашынае царства выказвала ўсе адзнакі турботнага жыцця. Па ігліцы ўзад-уперад снавалі рухавыя мурашкі і, прыгледзеўшыся, Сяргей зразумеў, што завіхаюцца яны не дзеля перадвечаровага шпацыру, а рупліва перацягваюць і ўкладваюць ігліцу. Умацоўваюць сваё селішча, надаюць яму больш прыстойны і зручны выгляд. Шчыруюць яны, як адзначыў інжынер, без звычайных чалавечых перакураў, плённа і бясстомна.
Потым Ладуцька заўважыў у пасівелым імху некалькі мурашыных дарог. Адна з іх шылася акурат ля яго засырэлых ад вільгаці ботаў. Яна аж кіпела рыжымі істотамі і, бы жывыя, змяіста варушыліся ўсохлыя сцябліны травы. Адны мурашкі клопатна рухаліся ў бок кусцістага ядлоўцу, другія вярталіся адтуль. Гэта таксама не быў бязмэтны і прагулачны рух, а бачылася мэтанакіраваная і даволі руплівая работа. Тыя, хто вяртаўся з змрочнага ядлоўца, валаклі то выпетралую травіну, то амярцвелую муху ці сасмяглую ад спякоты ягаду, некаторыя з пакутнай марудлівасцю цягнулі нават кавалачкі прытомленага старасцю грыба. Сяргей раптам убачыў пазбаўленую прыкмет жыцця страказу, якая пагойдвалася на спінах мурашоў і рухалася да іх жыллёвага прытулку. Дабраўшыся да кучы сухой ігліцы, рухавыя істоты знікалі ў ёй імгненна, пэўна, там меліся патаемныя хады, добра ім вядомыя.
Нельга было не залюбавацца зладжанай, шчырай і турботнай мурашынай дзейнасцю. Незнаёма ім было чалавечае прытворства, лянота і боязь працы, не ўяўлялі яны сабе, што такое змора. І падумалася Ладуцьку, што гэтая выпетралая куча ігліцы нагадвае шматпавярховы і заселены людзьмі гмах, да якога таксама сцякаюцца з усіх бакоў апантаныя ўласнымі клопатамі жыхары. Розніца толькі ў тым, што людзі моўчкі разбягаюцца па сваіх закутках–прытулках, якія цесна запакоўваюць рознымі патрэбнымі і непатрэбнымі рэчамі гаспадарчага ўжытку і якія служаць ім месцам для выказвання радасці, смутку, пахавання надзей і мараў, узлётам жыццёвай фантазіі і бруднай абразы адзін аднаго. У каменным гмаху і сэрцы ў людзей каменныя, кожны імкнецца адшукаць у кожнай справе толькі сабе выгаду і дзеля яе гатоў на ўсялякія ганебныя ўчынкі.
У мурашоў беззаганна дзейнічае залатое правіла: адзін за ўсіх і ўсе за аднаго, пэўна, аж з сівой даўніны. Гэтую ісціну выдумала чалавецтва, але яму ніяк не ўдаецца трывала ўкараніць яе ў жыццё, ніяк не адолее яно на сваім шляху ўзнікаючыя перашкоды. І яшчэ прыйшла ў галаву Ладуцькі наіўна–пацешная думка. Наша былая краіна шмат дзесяці- годдзяў будавала міфічны камунізм, таго не ведаючы, што, рыжыя істоты яе апярэдзілі і стварылі грамадства са сваімі непарушнымі ляснымі законамі, дзе кожнаму адведзена пэўная роль, якую ён выконвае ўрачыста і бездакорна.
Наўрад ці працвітае ў гэтай мурашынай хаце крывадушнасць, помслівасць, зайздрасць, мана, здрада. Пэўна, адсутнічаюць і згрызоты, бойкі, нянавісць, бо турботлівае жыццё лясных паўзуноў цвёрда падпарадкавана адной мэце – пражыць за кошт уласнай дзейнасці. Ніхто не ўхіляецца і апантана не аспрэчвае такую ісціну, усе яе паслухмяна выконваюць.
Суцемкі, што, здавалася, абцярушваюць дрэвы, а травы і імхі іх выспельваюць і, падсмачыўшы парнай духмянасцю, туманліва зацягваюць дол, спынілі мурашыную працу. Ладуцька ўзняўся і спешна патрухаў па густа затравелай і засырэлай свежасцю лясной дарозе.
В. Куліненка.
Барацьба
0 0
Эцюд
Ліпень – сярэдзіна лета, усюды духменіста буяюць травы, ганарыста раскашуюць кветкі, ападаюць цёплыя дажджы, а ўтомленыя п’янлівым водарам імглістыя ночы трымаюць у сябе мройную парнасць. З’ядае яе толькі бякроўны і сыры ад расы золак, прагавіта глытае разам з чарнатой і ўладна тушыць зоркі.
Днём на вясковых вуліцах парна гняздзіцца ўкропна-гурковая свежасць і часам засыцелы вецер падсмачвае яе ўкрадзеным у лесе водарам выспелых суніц, чарніц і маліны. Аблашчаная сонечнай цеплынёй рачулка разморана гультаіцца ў берагах, люструе ў празрыстай вадзе гарачае неба. Распарана млявяцца прыбярэжныя лазнякі: зверху ім пякуча, а ад карэння соладка лагодзіць рачная прахалода, не дае бязвольна смягнуць.
Цвіце, красуе лета. Як бы задрамаў, пакорліва аціх у вясёлай супакоенасці лес, бярозы, сосны, асіны лёгкім пагойдваннем галінак адганяюць ад сваіх стройных цел сляпнёў, камароў і іншую назолу, якая сваім прагавітым гудам і звонам не дае дрэвам супачынку. Раскудлаціліся і як бы счужэлі смоліста загуслыя елкі, не даюць яны магчымасці гойнаму сонечнаму промню аглядзець пад сабой мясціну, бо ў самую духмень дол тут сыры і волкі. Сюды толькі іншы раз цікаўна кіне пунсова-фіялетавы позірк маланка, угледзіць пад прэлай тоўшчай ігліцы грыб-каласавік і адратавальна пашле на яго кволую галаву дождж. Узбадзёраны вільгаццю, ён прашые зважліва гнятлівую цемру, заядранее коранем, заясніцца шапкай і, ганарлівец, не падзякуе маланцы за дапамогу.
Начамі густа табуняцца ў небе зоркі, быццам пасуцца на яго пяшчотным аксаміце пад неаслабнай увагай свайго гаспадара-месяца, які уседна і пільна цікуе за імі. Але ж які не быў бы строгі вартаўнік, усё ж якая-небудзь гарэзніца крадком шусне з нябеснай прасторы і ападзе ў травяную росную прохаладзь. “Уцякла!” – радуецца свавольніца, слухаючы галасы драчоў, перапёлак і дыхаючы цнатлівай саладжавасцю красак. Можа б месяц і кінуўся ў пагоню за распусніцай, дагнаў бы і жортска пакараў, але ж нельга яму рабіць такое. Пакінь ён месца свайго знаходжання і неба ўміг апусцее. Паўцякаюць нябесныя красуні хто куды, рассыплюцца, як з мяшка гарох.
Ліпа густа акрылася, на ардасць пчолам, някідкай квеценню. Над атавай у пошуках прынадных кветак гудуць маладыя чмялі, бадзёрыя і грацыёзныя. Яны як бы разносяць па лузе пахі ўпаранага аеру і жоўтых гарлачыкаў, што густа загуслі ў бязветранай цішы.
І хоць лета ў самай красе, але ўжо аціхла зязюля. Кажуць падавілася жытнім коласам, перасталі рассыпаць мілагучныя пошчакі салаўі. Шпакі наогул зашыліся ў невядомыя прасторы і там, падалей ад чалавечага вока, вучаць настойліва сваё патомства нялёгкай справе выжывання. Далікатна спрабуюць моц сваіх крылаў маладыя буслы, у іх няма яшчэ бацькоўскай засяроджанасці і бяздумнай акамянеласці.
Бяроза раптам угледзела ў густаце сваіх зялёных шатаў адзіны зжоўклы лісток і трывожна анерухомела. Так замірае ў роспачлівым здзіўленні сакаўная маладзіца, нечакана заўважыўшы ў пышноце валос здрадліва-белую нітку, як бы пасярэбраную марозам. З ледзянога адчаю вывеў бярозу яе адвечны цырульнік-вецер. Ён сарваў няпрошанага госця і кінуў у траву. Там ён будзе з прагнай нецярплівасцю чакаць сваіх братоў, але не дачакаецца, ганебна сатлее ў парнай макрэчы.
Сляды будучай восені азначаюцца і на соснах, елках. Тут таксама журбліва ападае долу высахлая ігліца. З кожным днём восень губляе сваю нясмеласць і робіцца больш нахабнай. Яна далівае ў лёгкія летнія туманы начамі марозлівую золач і ўладна гоніць іх, згубных для агуркоў і памідораў, на агароды. Імкнецца ўтаймаваць моц сонечных промняў схаваўшы на дзень дзённае свяціла ў хмарах, або заімгліць наваколле дробным дажджом. Адчувальна халодзіць расу, яна досвіткам пякучая, бы жар. А каб пазбавіць лета сцішанай радасці, з няўмольнай нахабнасцю тушыць п’янлівае полымя кветак, жарствіць траву.
На кожным кроку восень стараецца нашкодзіць лету. Калі на вуліцы туманіцца зацяжны ўедлівы дожджык, разгульна носяцца вятры з зябкім дыханнем і па без адзінай прасветліны небу ўтомна цягнуць набраклыя вільгаццю жываты ацяжэлыя хмары – гэта справа рук восені. Праўда, і лета не застаецца ў нясплочаным даўгу. Ужо восень уладарыць на зямлі. Пранізліва золкія і сцюдзёныя досвіткі, безжыццёва выпетралая трава, золь і макрэча. І раптам цёпла і хораша ясніцца сонца, усюды яго ірдзяны слепкі бляск, лагода, у паветры бесклапотна плавае павуціна і надта празрыстая незажураная далячынь. Такія уні мы называем “бабіна лета”. А сварыла іх нам самае звычайнае лета, уварваўшыся ў змрочныя восеньскія ўладанні, каб цеплынёй узнагародзіць чалавека.
В. Куліненка.
Майстры беларускай прозы Уладзімір Караткевіч
0 0
Арлы ненавідзяць гармідарную таўканіну ў паветры, бязладныя крыкі, а да самазабыцця любяць сонечныя прасцягі неба, свежую вышыню і волю. Менавіта так любіў Уладзімір Сямёнавіч краіну “бярозавага шоўку” – Беларусь, якую ён з далікатнай пяшчотай назваў “зямлёй пад белымі крыламі”.
У рэспубліцы яму падабалася ўсё. Пісьменнік любіў празрыстыя рэчкі, азёры, мог з уважнай дзіцячай зацікаўленасцю гадзінамі ўглядацца ў гаманлівую ручаінку, што ўпарта струменіцца ў душнай травяной заглушы, падабалася яму басанож блукаць па роснаму квяцістаму лугу, з асалодай вандраваў па сунічных, журавінавых і грыбных барах.
Любіў Караткевіч выпіць чарку гарэлкі ў шчырай і некрыклівай кампаніі памяркоўных людзей, паслухаць іх размовы з мяккай спагадлівай усмешкай, выказаць сваё меркаванне па тым ці іншым пытанні. Абуральна непакоіла яго адхіленне ад праўды, ці, карацей кажучы, самая бязглуздая хлусня ў словах субяседніка і ён з трохі гарачлівымі ноткамі ў голасе разважна аправяргаў ману.
Уладзімір Сямёнавіч пабываў у кожным кутку рэспублікі, дэталёва азнаёміўся з мясцовымі славутасцямі і беражліва захаваў усё гэтае ў сваёй памяці. Наведваў ён нават вёску Кашаны, купаўся ў ласкавых хвалях рачулкі Чорная Натапа і ўстрывожана бедаваў, што бязглуздая меліярацыя сапсавала некалі духмяны ад кветак луг і абязводзіла серабрыстую плынь.
Ураджэнец Віцебшчыны, Караткевіч нейкі час працаваў у Оршы настаўнікам пасля заканчэння Кіеўскага ўніверсітэта. Там і пачаліся яго першыя літаратурныя крокі. Ён пісаў вершы, друкаваўся ў раённай газеце. Потым творы пачынаючага аўтара з’явіліся на старонках рэспубліканскіх газет і часопісаў. Крытыка станоўча ацаніла творчасць маладога паэта, занесла яго ў лік здольных аўтараў са сваім поглядам і ўспрыманнем жыцця.
А праз колькі часу на кніжных паліцах з’явіўся паэтычны зборнік “Матчына душа”. Караткевіч стаў членам Саюза пісьменнікаў СССР і на нейкі, хоць і недужа доўгі час, перастаў друкавацца ў перыядычных выданнях. Некаторыя сабраты па пяру з’едліва пасмеіваліся: “Скончыўся порах у парахаўніцах”, але якое іх было здзіўленне, калі часопісы сталі друкаваць прозу паэта. Апавяданні адразу прыцягнулі шырокую ўвагу чытачоў і атрымалі цёплы водгук крытыкі. Бо напісаны творы былі цікава, змястоўна, з выдатным веданнем матэрыялу, займальным сюжэтам і сакавітай народнай мовай. Усе зразумелі, што ў літаратуру прышоў самабытны здольны празаік, які ўзбагаціць яе сапраўднымі мастацкімі каштоўнасцямі.
Спадзяванні не аказаліся марнымі. Аматары літаратуры літаральна зачытваюцца аповесцямі пісьменніка, засыпаюць выдавецтва і рэдакцыі часопісаў удзячнымі пісьмамі. А калі з друку выйшла кніга Караткевіча на рускай мове ў Маскве, то хвалебныя лісты прыходзілі аўтару з Камчаткі, Сібіры, Далёкага Усходу і марознай Поўначы.
Асабліва гарачае захапленне ў аматараў прыгожай пісьменнасці выклікала аповесць “Дзікае паляванне караля Стаха”. У кніжных магазінах яе расхапілі імгненна, твор з цікавасцю чыталі як моладзь, так і людзі прыстойнага ўзросту. Кінастудыя “Беларусьфільм” прыняла рашэнне экранізаваць займальны твор. Рэжысёрам будучай карціны быў назначаны Валерый Рубінчык. Аўтара ўзрадавала тое, што героі яго аповесці атрымаюць экраннае жыццё, але на здымках фільма ён не мог прысутнічаць, бо ў гэты час адчуваў сябе кепска. Хвораму пісьменніку паказалі мантажную версію карціны і, калі ў зале ўспыхнула святло, Уладзімір Сямёнавіч расчулена ўсклікнуў: “Выдатна! Хлопцы, хто пойдзе за каньяком!” Празаік не памыліўся. Фільм “Дзікае паляванне караля Стаха” атрымаў шмат усялякіх узнагарод на розных прэстыжных кінофестывалях і з’явіўся найбольш удачнай спробай экранізаваць глыбакадумную прозу таленавітага аўтара.
Яшчэ больш аўтарытэта і павагі прынеслі Уладзіміру Сямёнавічу раманы “Хрыстос прызямліўся ў Гародні” і “Каласы пад сярпом тваім”. Напісаныя інтэлектуалам, чалавекам, грунтоўна ведаючым гісторыю роднага краю, звычкі і характар беларусаў, творы гэтыя з’явіліся неацанімай каштоўнасцю для нашай літаратуры, пашырылі яе дыяпазон і творчыя абсягі. Праўда, спачатку не ўсё ўдала атрымлівалася з выпускам раманаў. Нешта не зусім прыстойнае, з партыйнага пункту гледжання, адшукалі ў творах Караткевіча прыдзірлівыя тагачасныя рэцензенты, і раманы доўгі час нерухома праляжалі ў шуфлядах выдавецтва. У змрочным задуменні быў тады пісьменнік, але выгляду стараўся не паказваць. Бестурботна жартаваў, усміхаўся пры сустрэчы, але ўсмешка не прамянілася караткевічаўскай зычлівай іскрыстасцю, а выразліва тхала ад як глыбока стоенай на сэрцы душэўнай скрухай.
Уладзімір Сямёнавіч прыйшоў у ліатаратуру не з запазычанымі, а сваімі героямі, высокароднымі, узнёслымі, якія не церпяць маны, крывадушнасці, здрады і змагаюцца за волю і праўду. Яго творчасць – гэта глыток свежай крынічнай вады, якая асвяжыла і ўзбадзёрыла змоглага ад спякоты падарожніка. Ды і сам ён бачыцца на літаратурных абсягах стройным і моцным дубам, які ўзняўся над сваімі ляснымі братамі магутнымі шатамі і тыя з паважлівай зайздросцю любуюцца на яго залітую сонцам выносістую вяршаліну. Ды і нагадвае дужага арла, што клопатна лунае над роднай зямлёй, шчодра выпраменьваючы дабрыню, спагадлівасць і замілаваную пяшчоту.
Інтэлігент у самым сапраўдным сэнсе слова, далікатны і чулы чалавек, ён здзіўляў субяседнікаў глыбокімі ведамі жыцця, дасканала разбіраўся ва ўсіх галінах навукі і тэхнікі. Быў цікавым, карысным і жаданым субяседнікам як для звычайнага слесара ці токара, так і для буйных вучоных, далёка вядомых сваімі працамі за межамі рэспублікі.
Любіў пісьменнік нязлосныя трапныя жарты, мог да раніцы слухаць беларускія народныя песні, чуйна ўслухоўваўся ў гамонку сваіх землякоў, асабліва жыхароў вёскі. Ад працяжных тужлівых песен Карткевіч употай выціраў здрадлівую слязу, але не хмурнеў, а неяк дабрэў тварам. Неадольнае жаданне пабачыць мясцовасць, людзей, пагаманіць з імі, турботліва гнала празаіка да рыбакоў на Каспійскае мора, на берагі Волгі, у поўныя куслівай заедзі таёжныя лясы. Дзе б ён не быў, па прызнанню Уладзіміра Сямёнавіча, увесь час яму было неяк трывожна і сумна і начамі снілася беластволая беларуская прыгажуня – бярозка, зіхоткая ад сонечных промняў.
Сам Караткевіч быў выдатны весялун і жартаўнік. Неяк у рэдакцыю часопіса “Маладосць” прыехалі замежныя калегі-пісьменнікі. Рэдактар Генадзь Бураўкін ніяк не мог выбраць мясціну, куды звазіць гасцей на адпачынак. Даведаўшыся ў чым справа Уладзімір Сямёнавіч зычліва прапанаваў:
- Паедзем, у мяне ў лесе ёсць выдатная дача. Ніхто не застанецца ў крыўдзе, цудоўна адпачнем.
Прывёз ён гасцей у самы звычайны лес, на паляну, дзе барвова раскашавала каліна і крахмальнай беллю высвечвалі бярозкі. Расклалі вогнішча, смажылі сала на ражончыках, пяклі ў прысаку сопкую бульбу, спявалі песні і, ад’язджаючы, госці з захапленнем дзякавалі мінчанам за прыемны і змястоўны адпачынак.
Прыхільнікі мастацкай літаратуры надзвычай цёпла і сардэчна сустрэлі апошні раман Караткевіча “Чорны замак Альшанскі”. Кніга імгненна знікла з паліц магазінаў. Задум у пісьменніка было шмат. “Самае карыснае і цікавае мной яшчэ не напісана”, - прызнаваўся з журбой празаік. Бо адчуваў, як бязлітасная хвароба нішчыць сілы. Блага ён адчуваў сябе на апошнім годзе жыцця, хоць не піў і не курыў. Прага да нязведанага прымусіла пісьменніка адправіцца ў падарожжа па Прыпяці разам з мастаком Пятром Драчовым і фатографам Валянцінам Ждановічам. У дарозе Уладзіміру Сямёнавічу зрабілася невыносна, пакутлівы боль расцёкся па целу. Прыйшлося адправіць яго ў Мінск, дзе на бальнічным ложку ён памёр 25 ліпеня 1984 года.
Беларусь страціла вернага і адданага сына, літаратура пазбавілася буйнога таленавітага летапісца жыцця, чые творы незгасальнымі зоркамі іскрацца на небасхіле прыгожай пісьменнасці, заварожваючы з чарадзейнай сілай і прывабліваючы пакаленні шматлікіх чытачоў.
Прыдатнай, мяккай табе зямелькі, Уладзімір Сямёнавіч, глыбокага бестрывожнага спачыну.
В. КУЛІНЕНКА.
Маналог зайца
0 0
І як тут не пазайздросціш мядзведзю! Самы сапраўдны гаспадар лесу, ідзе паважна, упэўнена і непалахліва, увесь абліты пачуццём уласнай годнасці, а звяры і птушкі цікуюць за ім зайздроснымі позіркамі з імглістай гушчырні зараснікаў і верхавін дрэў. Ён ніколі не прыслухоўваецца да ўстрывожанага пошуму лесу, гулкага трэску перасохлага сучча, крокаў і тупату ўперадзе і па баках, ступае цвёрда і рашуча, спадзеючыся на сваю моц і ваяўнічасць.
Нас, зайцаў, праклятае жыццё зрабіла палахліўцамі. Мы калоцімся, як асіна пад ветрам, нават не чуючы падазронага шуму, і ўсюды чакаем ворага, нават у нядоўгім трывожным сне няма бесклапотнага адпачынку. Нягучна стукаецца вобзем з дрэва акамянелы ад старасці сучок, залапоча крыламі ў лістоце птушка, драпежна падасць голас адзічэлы сыч - і ты спалохана ўсхопліваешся і стрымгалоў нясешся куды глядзяць вочы.
На кожным кроку нас падсцерагае хцівая небяспека, кожная лагчынка, куст, зараснік палохаюць смерцю. Надта шмат у нас ворагаў і няма чым ад іх абараніцца. Прырода не надзяліла маіх братоў і сясцёр сквапнай пашчай воўка, мядзвежай сілай, небяспечным капытам лася, а ўзнагародзіла толькі нас чуйнымі вушамі і імкліва-порсткімі нагамі. Адсюль і боязь нават шэпту выпетралай травы.
Самы вынаходлівы і закляты наш вораг - чалавек. І што мы зрабілі яму кепскага? Іншы раз забяромся ў сад і паласуемся крохкай карой маладых яблынь. Рабіць такое прымушае голад. Ён не дае драмануць нават хвіліны, узнімае з лежышча і гоніць на пошукі ежы ў сцюжу, мароз і снегапад. Чалавек вышуквае нас з упартай нястомнасцю. Цэлымі днямі зацікаўлена гойсае па сыпкім снезе, палыністых равах, ніцых хмызняках і паплавах. На дапамогу бярэ з сабой сабак. І тыя, нахабныя злыдні, беспамылкова знаходзяць наш прытулак і імкнуцца прыгнаць да гаспадара. Гэта зімой. Вясной, летам і ранняй восенню чалавек не ўпусціць нас ніколі, драпежна ўхопіць соннага ці падранка і патарабаніць дамоў. Няма ад яго спачыну.
Па лясах і палях згаладала сноўдаецца прагны воўк, вынюхвае сабе спажыву. Трымай вушы востра, бо заюшыся ў стозе ці заснежаным хмызняку і ўраз апынешся ў зубах звера. Схрумстае разам з касцямі. Небяспечна і лісіца. Ёй жа трэба і сябе карміць, і лісянят, вось і зладзеявата цягацца яна летам і зімой па ўзлесках, жытніх прасцягах, глухіх дарогах у спадзяванні натрапіць на нашага брата. На чакай ад яе таксама літасці, хоць і сама з’яўляецца палахліўкай. На нас смеласці ў яе хапае, іншы раз можа суткамі красціся па следзе.
Цэлымі днямі плавае ў паднябессі ненасытны каршун. Ён як бы прагульваецца ў ветраной прасторы, спачывае бесклапотна. Падманлівае і бяздушнае стварэнне. Трапішся яму на вока - і ён уміг учэпіцца ў цябе і пачне цвёрдай дзюбай біць па галаве, пакуль не страціш прытомнасць. Асцерагацца трэба і валацужных сабак. Здаецца, тыя толькі і робяць, што вышукваюць нашага брата. Знаходзяць нават нашы селішчы і паядаюць малых дзяцей.
Жыццё прывучыла нас баяцца кожнай жывой істоты, апрача мурашоў і розных дробных казюрак. Мы не давяраем ні стогу сена ці саломы, ні някошаным травам, ні бяскрыўднаму кустоўю. А раптам там стаіўся вораг і зараз выскачыць з разяўленай пашчай, бо яны любяць падпільноўваць у такіх месцах, спадзеючыся на нашу неасцярожнасць. Хоць мы і валодаем у нейкай меры хітрасцю, развагай, бо не раз дзякуючы гэтаму, выходзілі пераможцамі ў паядынку з чалавекам і звяром, усё роўна невыносна цяжка, проста пакутліва жыць у вечным страху. На кожным кроку трымціш, як бярозавы ліст, іншы раз палохаешся свайго асцярожнага кроку.
Нудлівае, горкае і трывожнае наша існаванне на белым свеце. Няма каму за нас адпомсціць ворагам, няма каму супакоіць душэўным словам, падтрымаць карыснай парадай. Безабароннасць, кволасць і палахлівая нерашучасць гнятуць нас. А, між іншым, жыць хочацца. Нават у гаркаце нашых жыццёвых будняў ёсць нешта прывабнае і салодкае. Яно і прымушае ўсялякімі спосабамі ўцякаць ад смерці. Ох, як не хочацца паміраць, душа прагне сонца, свежага ветру, жыццёвага прастору, радасці, толькі ці ведаюць аб гэтым нашы ворагі?
В. Куліненка.

← Назад

В ГОСТЯХ У БУЛЬБАША